“ З даўніх часоў жылі людзі на левым беразе Свіслачы, насупраць замка і Нізкага рынку. З матэрыялаў раскопак, праведзеных у 1976 годзе Г.В.Штыхавым і В.Е.Собалем, можна зрабіць выснову, што культурнае жыццё тут існавала з канца XII стагддзя. Вышэй на Троіцкай гары (цяпер тэрыторыя 2-й клінічнай бальніцы і Вялікага тэатра оперы і балета) з XIV стагоддзя існавалі Увазнясенскі манастырі царква. Да пачатку XVII стагоддзя на адхоне Троіцкай гары ўжо існавалі цэлыя кварталы забудоў, якія злучаліся з Нізкім рынкам праз так званы Хлусаў мост, што быў насупраць вуліцы Нямігі. На гэтым месцы пабудаваны цяперашні бетонны мост. “ [с.27] (Пазняк Зянон Станіслававіч. Рэха даўніх часоў. - Мінск, Народная асвета, 1985. 111 с.)

 

       Хлусаў маст знаходзіўся каля ўваходу ў Замчышча перад якім існаваў рынак. Прывабнае месца для ганляроў і махляроў. Тут звычайна можна было напаткаць і цыган, якія прапаноўвалі гараджанам самую вядомую сваю паслугу - варажбу. Месца гэтае лічылася нядобрым, бо звычайна тут маглі абакрасці ці абхлусіць. Было людзі пыталіся: “Дзе быў?” А ім ў адказ: “На Хлусаў мост свой лёс вадзіў”. Што азначала – чалавек хадзіў варажыць да цыган на Хлусаў мост. Але ж існуе паданне, што мост узяў сваю назву ад прозвішча першага будаўніка трывалага маста на палях. Такія масты ў тыя далёкія часы былі рэдкасцю з-за сваёй незвычайнай канструкцыі, якая дазваляла прапускаць вясновыя талыя воды. Звычайна масты слалі і вяной іх зносіў павадак.

 

ХЛУСАЎ МОСТ

       (паданне)

 

Было гэта ў вельмі даўнія часы ў Менску.

Здарылася менскаму купцу Хоціміру Лабашу вяртацца з абозам з Вільні. Абоз выбраўся з пушчы да броду праз Свіслач, за якой ужо бачыўся Менскі пасад. Толькі разбіты коньмі ды коламі гразкі брод той дажджлівай восенню зрабіўся сапраўдным канатопам. А тут ужо ноч цемрай пацягнула, пусціла над вадой шэры туман.

Купец Хоцімір занепакоіўся, скіраваўся ў хвост абозу, каб падагнаць абозных: пужала яго цёмная сцяна густой пушчы, што шчыльна падступала да броду.

      Казалі, што ў пушчы ёсць Лысая гара, на якой у ноч пад маладзік, толькі сцямнее, нечысць усялякая збіраецца ды справы свае ліхія спраўляе, вогнішчы паліць, бавіцца ажно да самага рання. І таму там ліхое месца.

      І праўда, нярэдка на начах разносіліся па наваколлі жудасны рогат, свісты і стогны, дый агні ў гушчары прыкмячалі. Але ж магчыма, што тыя вогнішчы палілі якія шыбайлы, яны ж і чуткі тыя пускалі, каб спраўней было займацца сваім злачынным рамяством.

      Купец Хоцімір прабраўся ў хвост абознай чарады, стаў гучна лаяць абозных. Ды толькі ж крык той – невялікая дапамога. Чорная гразь булькаціць пад конскімі нагамі, распаўзаецца пад коламі, і яны гразнуць.

      Раптам недалёка ў пушчы нешта закрычала, зарагатала, ці то птушка, ці то звярына, ці то нечысць якая, ды так жудасна, жаласліва, працягла, што магло здацца, быццам бы сам жах над зямлей пранёсся. Пад купцом конь узняўся на дыбкі ды рвануўся да берага. А тут крык ізноў паўтарыўся працягла і азваўся рэхам. Конь спатыкнуўся, заваліўся на бок і ўпаў проста ў прыбярэжную балаціну, паспрабаваў выбрацца з-пад каня. А твань так і забулькацела, задрыжала, пачала засмоктваць каня ды вершніка.

       Нехта з абозных сунуўся быў гаспадара ратаваць, але мясціна аказалася глыбокай і гразкай, не ў кожнага хапала духу на рызыку. Абозныя збіліся ў гурт, разгублена паглядалі адзін на адзін.

       Нечакана з цемры з'явіўся нейкі валацуга ў лахманах, з доўгай вяроўкай, спрытна абвязаўся той вяроўкай, прымацаваў яе да калёс, што стаялі недалёка, і палез у твань, быццам у раку купацца. Ніхто з абозных і слова сказаць не паспеў, як з цемры пачулася: «Цягні!», і выратаваў валацуга купца Хоціміра.

      Так  з'явіўся ў краме старога Хоціміра Лабаша малады спадручны Лукаш Хлус. Прызнавалі ў ім людзі таго самага ратаўніка-валацугу.

      Прыладзіўся Лукаш Хлус да гандлёвай справы, стаў марыць пра ўласную краму дзе-небудзь на Ніжнім рынку. Праўду кажуць людзі, што да спрытнага грошы самі плывуць, яму б толькі кіпцем усяго калупнуць.

      Хоцімір Лабаш меў адзіную дачку, звалася яна Людомілкаю, і прыспела ўжо дзеўка на выданне. Бацька даўно ўжо ёй жаніха прыглядаў, якога б можна было нашчадкам сваім зрабіць.

      Стаў прыглядацца ён і да Лукаша, які добрым гандляром абяцаў зрабіцца. А хлопец, што ні кажы, неблагі: і да справы спрытны, і галава ясная. Толькі вось х дзеўкамі блытаецца. Прыкмячалі яго з Мілошкай-прыгажуняй, дачкой музыкі Яна з Менскага пасада. І запала гэтая прыгажуня ў сэрца маладому гандляру, ды ён ёй да сэрца прыйшоўся, пакахаліся яны.

      Быццам бы яны і падыходзілі адно аднаму, але ж у Лукаша іншыя намеры спелі. Пачаў ён пазбягаць сваёй каханкі, употай з ёй хіба толькі і сустракаўся. А па людзях плёткі папаўзлі.

      Тым часам менскія купцы сабраліся ў брацстве згуртавацца, каб не сварыцца і адной сям’ёй у горадзе жыць. Для гандляра Лукаша Хлуса гэта быў выпадак у гандлёвы рад стаць, у купцы выбіцца. Пачаў ён прыкідваць, чым бы ўласкавіць старэйшын купецкіх.

      Параіўся Лукаш са старым Хоцімірам, і пагадзіліся яны на адным – трэба справіць падарунак. Лукаш надумаў, што гэта будзе трывалы мост на палях праз Свіслач, каб вясновай вады не баяўся. На растратную будоўлю замахнуўся Лукаш, не было ў наваколлі такіх мастоў, ўсё больш слалі часовыя альбо уброд праз рэкі пераходзілі.

     І так загарэўся Лукаш гэтай сваёй задумкай, што ўжо пад восень пачаў будоўлю. Гацілі падыходы да маста, лес рыхтавалі. Жвір бралі з Лысай гары, што недалёк у пушчы, тут жа і лес валілі. Толькі рана выпаў глыбокі снег, і халодная снежная зіма прыпыніла будоўлю.

     Вясной пайшла вялікая паводка, заліла нізіны, змыла насыпаныя падыходы да маста і знесла нарыхтаваны за зіму лес.

      Трапіў Лукаш у вялікую растрату. Не стала ў яго ні грошай, ні сяброў. Дзе грошай узяць, каб з растраты выбрацца ды задуму сваю здзейсніць? Да каго ісці?..

      Стары Хоцімір усё да аднаго хіліць: маўляў, бяры маю Людмідку, то дапамагу з няўдачы выбрацца.

      - Табе гэта падроблена, Лукаш! Няўдача толькі ад таго і бывае, што нехта яе нам падрабляе, - тлумачыў ён.

     -   Проста ў нядобры час я за вялікую справу ўзяўся, - аднекваўся Лукаш. – Ці ж на зіму гледзячы трэба было будоўлю пачынаць. Казала мне Мілошка, што нядобры час я выбраў. Дый месца ліхое… А яна на гэтым добра знаецца: людзей лечыць, прыкметы ведае…

     -   Во, во! – падхапіў Хоцімір: - То яна табе і падрабіла гэта. Недарма ж кажуць людзі, што яна на маладзік варажыла.

     Нагаворваў Хоцімір на Мілошку, але Лукаш не надта прыслухоўваўся да тых слоў.

      І стары Хоцімір надумаў звесці Мілошку са свету, стаў падгаворваць людзей, таму-сяму грошай сыпануў, каб языкі лепш матляліся. І не стала Мілошцы жыцця ў горадзе. “Вядзьмарка! Вядзьмарка!” – шэпчуць ёй услед гараджане, хрысцячыся.

      А тут яшчэ адно ліха – неўраджай вялікі, голад у горад завітаў. Ну а людзі, вядома, як увойдуць у злосць, то за нішто са свету зжывуць.

      Вось неяк і сабралася гарадская рада, каб вырашыць Мілошчын лёс, якую мяшчане абвінавачвалі ў варажбе. Доўга спрачаліся радцы і прызначылі ёй выгнанне.

    Непррыкметна сышла Мілошка з горада, нават з Лукашам не пабачылася на развітанне, бо таго Лабаш напярэданні з абозам выправіўся.

     Вярнуўся Лукаш у горад, даведаўся аб усім, што здарылася, і нават узрадаваўся такому расстанню.

     Толькі сэрца Лукаша прычарствела, стаў ён з чаркай сябраваць.

      І вось неяк сядзеў Лукаш позна ўвечары ў шынку з келіхам рамейскага віна, слухаў музыку. Людзі па хатах ужо разыходзіліся, а ён сядзіць у цёмным кутку ды келіх за келіхам куляе. І здавацца яму пачало, быццам хтосьці з ім размаўляе, нашэптвае паціху:

-         Грошай хочаш? Прадай душу! Прадай!

      Лукаш галавой круціць, нешта пад нос сабе бубніць, найшло ліха нейкае на яго. А галасок спакусліва нашэптвае, ціхенька пасмейваецца:

-         Баішся? Грошы вялікія... За душу... Вой явія вялікія...

      Лукаш у адну кропку ўтаропіўся, вочы нядобра блішчаць, кулакі цяжкімі каменнямі на стале ляжаць.

-         Баішся?!

-         Не! – грымнуў Лукаш кулакамі па стале з усяе моцы: - Толькі грошы

вялікія.

      Перапалоханы крыкам шынкар падбег да Лукаша, стаў супакойваць яго, прасіць ісці да хаты. А той віна патрабуе, вочы гараць, быццам вуголле. Гаспадар за віном падаўся, але несці не спяшаецца. Лукаш прыціх у кутку сам-насам з  думкамі сваімі. Галасок усё той жа ізноў:

-         Дык не маніш? Прадасі душу? Грошы вялікія ...

      Лукаш у адказ толькі галавой крутнуў, падняўся з-за стала і моўчкі пайшоў. Пераступіў парог і нібыта ў бездань праваліўся. Чорная цемра перад вачыма, адно толькі галасок спакуслівы побач:

-         Што? Прадасі душу? Мае грошы – твая душа... Згода?

      Трэ вочы Лукаш, у цемру ўглядаецца, а галасок:

      -    Не табе, чалавеча, самога нячысціка бачыць! Не на агледзіны прыйшоў. Прадаеш душу? Згода?

-         Згода!. – выціснуў з сябе Лукаш.

      Не паспеў ён і дых перавесці, як перад ім нешта засвяцілася. Прыгледзеўся – перад тварам аркуш снежна-белай паперы з крапінкамі дробных літар вісіць проста ў паветры. А галасок тлумачыць:

      -   Стаў свой палец на паперку і атрымаеш тое, што твая душа прасіла. Грошай у цябе будзе  столькі, колькі захочаш...

      Нерашуча крвнуў Лукаш указальным пальцам паперку і ўкалоўся аб нешта. Вострая іголка быццам наскрозь працяла, нават пахаладзела сэрца і галава закружылася, паплыло ўсё перад вачыма. Адхапіў ён руку ад аркуша і ўбычыў на ім крывавы адбітак свайго ўказальнага пальца. А голас жудасна зарагатаў:

-         Душу прадаў... Душу прадаў!

      І тут быццам грымнула, маланка паласнула па небе, здрыганула зямля, папера знікла. Толькі цемра і холад. Лукаш на месцы стаіць, баіцца варухнуцца. Нібы сон цяжкі на яго наваліўся. І прачнуцца хоча, а не можа.

      Але раптам быццам прачнуўся. Стаіць ён на беразе Свіслачы, сонца толькі-толькі з-за лесу ўстала. Халадком ад ракі цягне.

       Уздыхнуў Лукаш: “І прысніцца ж такое!” Агледзеўся: грошы ў кішэні, залаты пярсцёнак на пальцы, крыж на шыі. Вось толькі ўказальны палец налевай руцэ нібы прыпух, як падрапаны чым. Прыглядзеўся: крывавы трызубец на ім запёкся. Ступіў Лукаш крок – ледзь не ўпаў. Глянуў – стаіць куфар абабіты чырвонай меддзю, а на вечку нейкі надпіс выбіты. Адкрыў куфар – вогненная чырвань бліснула ў вочы, куфар даверху набіты залатымі дукатамі.

      То быў чарадзейны куфар, колькі б з яго ні бралі грошай, іх у ім не меншала, але пра гэта Лукаш даведаўся пасля.

       І вось мінуў час, Лукаш дамогся свайго – збудаваў мост на палях праз Свіслач, выбіўся ў купцы, займеў сваю краму. Тут юы радавацца яму, а ён абыякавы, як нежывы.

        Адно грошы ў думках, адно аб грашах гутурка, але і яны не радуюць. Надумаўся жаніцца, вырашыў да Хоціміра Лабаша сватоў засылаць. Ці то да Людмілкі пацягнула, ці то пасагу вялікага не хацеў упусціць.

       І восб у прызначаны дзень сталі да Лукаша сябры збірацца, каб вясельнай дружынай да Лабашаў ехаць. Лукашу напярэдадні не спалася, і ён раненька падаўся да свайго моста. Яшчэ і сонца не ўзышло, калі ён дабраўся да моста, стаў на беразе, задумаўся. Нечакана да яго наблізіўся падарожны ў мнішаскім адзенні і кажа:

-         Што, не спіцца?

-         Не спіцца... Сон не ідзе... – адазваўся Лукаш.’

-         Да таго сон не ідзе, чыя душа даўнго ў вялікай бядзе... – сказаў падарожны і дадаў:  -

Шлях перад табою далёкі, прыслухайся, дарога  цябе кліча... Расплюшчы вочы, на свет божы глянь. Жыццё – гэта ж не дукат...

      Пабялеў Лукаш.

      Не дачакаліся ў той дзень сябры Лукаша, а стары Лабаш прыехаў, каб разабрацца. Стаў пытацца, дзе Лукаш, кінуўся ў хату, абыйшоў усе пакоі і ў адным знайшоў абабіты меддзю куфар з надпісам на вечку: “Лёгка куфар адкрываў толькі той, хто душу меў”. Адчыніў ён куфар, а ў ім поўна залатых дукатаў. Крануў Хоцімір адзін дукат і адхапіў руку. І імгненна гарэлым запахла, і проста ўвачавідкі залатыя ператварыліся ў гарачае чырвонае вуголле.

      А Лукаш Хлус прапаў бесследна.

      Старыя людзі растлумачылі, што кінуў Лукаш сваё нячыстае багацце і выправіўся ў белы свет душу сваю шукаць, бо нальга чалавекуу без душы.

       А пра мост, які ён пабудаваў, паёшла нядобрая слава, казалі, яго ў водкуп нечысць узяла, каб грошы свае вярнуць, таму там нярэдка рабавалі і забівалі падарожных.

     Пра гэты мост, які адкрываў кірунак на Віленскі шлях, казалі:

-         Не хадзі Віленскім шляхам,

То  дарога не для шляхты,

Там арудуе нячысты,

Мо заб’е ,а мо абчысціць.

      Доўга гэты мост служыў людзям, негледзячы на сваю нядобрую славу. З цягам часу склалася так, што на той мост пачалі хадзіць, каб паваражыць. Казалі, калі хочаш паваражыць, то ідзі апоўначы, каб толькі пад маладзік было, на мост. Калі пройдзеш па ім нікога не сустрэўшы, то ўсё ў цябе складзецца добра.

Ішлі гады, нараджаліся новыя небыліцы пра Хлусаў мост.

Адну з тых гісторый і мне давялося ад людзей пачуць, праўда, так і было. 

 

Hosted by uCoz