На галоўную старонку

 

 

 

                                                НАГАВАРЫЛІСЯ

                                                                                    

 

 Не люблю незапланаваных выпадковых сустрэч з колішнімі аднакласніцамі ці аднакурсніцамі  з-за бясконцых роспытаў: замужам-незамужам? колькі ў цябе дзяцей? дзе працуеш?… Бывае  бяжыш куды-небудзь па нейкай тэрміноўцы - і тут раптам вокліч: “Алена! Прывітанне!” Адчуванне такое нібы наскочыла на міну. Нейкую  хвіліну таму я нават падумаць не магла, што  нехта мяне аклікне і тут жа на  вуліцы пачне абстрэльваць пытаннямі. Неяк не хочацца верыць, што  некага на свеце цікавіць маё прыватнае жыццё? Хіба  ж я Элізабет Тэйлар ці  Ала Пугачова А пытанні сыплюцца і сыплюцца. Хочацца праваліцца скрозь зямлю, ці хоць бы  на імгненне стаць невідзімкай, каб толькі не  адказваць на гэткія дурныя надаедлівыя пытанні. Звычайна  я спрабую “адстраляцца” сціслымі адказамі, бо мне здаецца  неразумным пераказваць сваю біяграфію пасярод вуліцы хоць бы нават даўняй сяброўцы. Дзеля чаго? Ці ж не глупства гэта? Для мяне гэткія незапланаваныя  сустрэчы як інтэрвенцыя, ці  раптоўны напад без аб’яўлення  вайны. А калі часам  здараецца  апынуцца ў такой сітуацыі, то  думаю толькі аб адным: як хутчэй  адчапіцца ад нечаканай сустрэчнай

 

 

Пасля спякотнага летняга дня дамоў  ісці не хацелася, і я каб адцягнуцца, развеяць свой сумны настрой, выправілася ў паход па крамах. З жахам падумалася, што за  духата зараз у маёй хрушчоўцы  вокны, якой выходзяць  на поўднева-захад. Там за дзень паветра накалілася так, як у духоўцы з якой збіраюцца дастаць спечаны пірог.  Таму залепш было пагуляць па вуліцы, пачакаць пакуль схаваецца сонца? А тады кіраваць дадому, дзе адразу ж расчыніць насцеж усе вокны,  вымыць падлогу ва ўсіх пакоях., каб крыху асвяжыць і кватэру, і паветра.  Добра, што  муж  з дзецьмі  зараз адпачываюць на вёсцы.

На выхадзе з універмага я здалёк прыкмеціла жанчыну ў прыгожым фінскім гарнітуры з тонкай сінтэтычнай тканіны шэрага колеру. Гэткі гарнітур я марыла сабе купіць, але  перспектыва стаць яго ўладальніцай была зусім малаверагоднай, бо для таго, каб яго купіць мне неабходна месяцы тры-чатыры  жорстка эканоміць на сямейным бюджэце. Іншага шляху набыцця здаецца не прадбачылася таму, што грошы мне пад ногі з неба не сыпаліся. Але цікаўнасць і жаданне яшчэ раз здалёку палюбавацца на прыгожае адзенне падштурхнулі мяне да  жанчыны -- і тут я раптам распазнала ў шчаслівай уладальніцы касцюмчыка маёй  мары  даўнюю знаёмую, Вікторыю Бараноўскую, з якой мы некалі жылі ў інтэрнаце ў адным пакоі. Можа калі б не мая  залішняя цікаўнасць,  я, напэўна, прайшла б міма. Але ж на знаёмай  быў касцюмчык маёй  мары... 

Вікторыя стаяла каля самага ўваходу ў універмаг, дзе звычайна прызначаюць спатканні маладыя дзяўчаткі  і, як мне здалося, некага чакала.  Ад нечаканасці я так разгубілася, што  заварожана застыла за некалькі крокаў ад Вікторыі ў нерашучасці, з ваганнем ці падыйсці да яе, ці паспрабаваць непрыкметна прашмыгнуць міма. Мне чамусьці прыгадалася даўняя дзявочая крыўда на Вікторыю за тое, што яна некалі, можна сказаць, адбіла ў мяне хлопца. І гэтая самая крыўда нейкі час усё ж такі перасільвала маю звычайную жаночую цікаўнасць. Толькі ж зусім  выпадкова нашы позіркі сустрэліся - і мы міжвольна ўсміхнуліся адна адной. Пастрымаліва. Можа нават найграна. Так што,  не прывітацца, не перакінуцца адным-двума словамі было проста непрыстойна, як ні як некалі мы жылі ў адным пакоі.  І я падыйшла да Вікторыі, хоць бачыла і разумела, што сустрэча са мной не ўваходзіла ў яе  сённяшнія планы. Але ж і я не млела ад жадання пагаварыць з ёю.  “Нічога, - ў думках  зазначыла я, -- як-небудзь перажывеш сустрэчу са мной!” Неведама з чаго  на мяне раптам пачынала находзіць нейкая  злосць. Хаця здаецца ці было з-за чаго злавацца? 

       Нас можна было б  лічыць сяброўкамі, мы  пражылі разам у адным покоі амаль чатыры гады. Хаця пражыць разам нават столькі зусім не азначае пасябраваць. Тым больш, што мы з Вікторыяй не кантактавалі. Неяк не выходзіла,  яна бывала ў інтэрнаце рэдка.  Недалёка ад горада ў прыгарадзе  жыла старэйшая сястра Вікторыі  і  яна ўвесь свой вольны час  праводзіла там, дапамагала гадаваць дзіця. У інтэрнат яна наведвалася зрэку, калі-нікалі на ноч-другую. Акрамя таго  ўзросту мы  былі рознага: мне толькі - толькі споўнілася васемнаццаць, а ёй было ўжо каля трыццаці.   

       Гэтая выпадковая сустрэча хутчэй за ўсё магла б укласціся ў   хвіліну-дзве, як яно і  бывае  часцей за ўсё. Але  ж я вельмі моцна нервавала і нават пачынала злавацца на  Вікторыю, якая ўсім сваім фанабэрыстым пыхлівым выглядам выказвала неприкрытую незадаволеннасць сустрэчай са мной.  Я  заўважыла, што  яе твар  адразу  спахмурнеў, калі яна ўбачыла мяне,  а  ў яе вачах  згасла іскрыстае радаснае свячэнне, якое бывае ў жанчыны, што прыйшла на спатканне са сваім каханкам.Мне не хацела  звяртаць на гэта ўвагі,  неяк было не да яе праблемаў. Таму я адразу ж рашуча настроілася на больш-менш доўгую гутарку, захацелася заваліць Вікторыю трывіяльнымі пустымі назойлівымі пытаннямі, каб за дурной балбатней  крыху адцягнуцца  і развеяць дрэнны настрой. А тое, што на маей знаёмай касцюмчык, аб якім я даўно марыла, раптам распаліла ўва мне несцерпнае жаданне,  папсаваць ёй нервы. Але ж, здаецца гэта не была  звычайнай зайзрасць,   прычына была ў нечым іншым.

Трэба сказаць, што мне было з-за чаго раззлавацца: за той доўгі час, як мы не бачыліся, Вікторыя навучылася прыгожа апранацца, карыстацца касметыкай і са звычайнай дзеравеньшчыны ператварылася ў стопрацэнтную гараджанку. А тое, што яна па-гарацкому паспрабавала адбіцца ад маіх пытанняў кароткімі фармальнымі адказамі і хутчэй адкараскацца ад мяне, “адстраляцца” раззлавала мяне і нават  раз’юшыла. І я з некай апантанай  рашучасцю пачала “клеіцца” да яе, сыпала пытаннямі і

 неяк  не заўважыла як непрыкметна  ўцягнулася   ў  незразумелую  гульню ў “пытанні і адказы”.

 “І чаго  ёй скардзіцца на сваё жыццё? -- раззлавалася ў думках я, калі тая пад час гэтай самай гульні ў “пытанні і адказы”, неяк не зусім тактоўна выказалася пра свайго мужа.—На ёй гэткі прыгожы касцюмчык! Казка. Мне цяпер  такі не купіць, хоць і сінтэтыка. І замужам яна, такім хлопцам...“ І гэты  хлопец быў  тым самым, якога я некалі кахала і за якога  збіралася замуж. Яго  жыццём  я цікавілася  заўсёды, гэта выходзіла неяк само па сабе, што  звычайна, для таго, хто некалі жыў у інтэрнаце. Навіны з жыцця  колішніх маіх суседзяў часцяком  самі знаходзілі  мяне .  

 Мне захацелася

 напрасіцца да Вікторыі ў госці, каб падзівіцца на яе кватэру, тым больш, што сёння   абставіны вельмі спрыялі гэтаму.  Я  не спяшалася дахаты, не ламала  галаву з якой-такой сякеры згатаваць вячэру. Вечар быў вольны, мне не трэба было ні ўкладваць дзяцей спаць, ні спяваць ім калыханку ці расказваць казкі. Дома я засталася адна, і гэта было неверагоднай рэдкасцю -  так што вольнага часу быў воз і маленькая цялежка. Такое здарылася ўпершыню за некалькі апошніх гадоў.  Вось ужо некалькі дзён ў хаце было незвычайна ціха. Неяк не прывычна. Сумна. Пуста. Можна было проста звар’яцець ад  такой нечаканай свабоды 

 

Вікторыя адказвала на мае пытанні  сцісла і не мнагаслоўна. А я імкліва раскручвала размову, тактоўна абыходзячы акалічнасці, якія б маглі яе пакрыўдзіць  і скончыць сустрэчу  на ўзроўні простай фармальнасці.

 

     --Вікторыя! А ты выглядаеш проста выдатна! Гэткая прыгожая жанчына! Гэткая паважная...

     --Праўда? -- недаверліва перапыталася  Вікторыя.

     --Далі Бог! Сапраўдная сталічная дама! Ледзьве пазнала цябе, --я разумела, што трэба нешта распытваць і сыпаць, сыпаць пытаннямі. Але пра што пытацца? Як не даць Вікторыі магчымасці кінуць, яшчэ некалькі фраз і развітацца. І я застракатала як сарока:--Дзе ты зараз працуеш? Дзе жывеш? Колькі ў цябе дзяцей! - дурныя пытанні, асабліва, калі адказ на іх добра ведаеш. Але ж  менавіта гэткія пытанні засмоктваюць, зацягваюць. Нават, калі не хочацца на такія пытанні адказваць, цяжка стрымацца, каб непрыкметна не ўцягнуцца ў гутарку і завязнуць ў ёй, тым больш жанчыне, якая ўпэўнена, што ёй у жыцці пашанцавала і якой  хочацца гэтым перад кім-небудзь выхваліцца.

Вікторыя даволі сцісла расказала, што  працуе ў вялікай краме, жыве ў самым цэнтры горада ў трохпакаёвай кватэры, у яе двое дзяцей, дзяўчынка і хлопец. За апошні час яна некалькі разоў пабывала ў Польшчы і толькі-толькі вярнулася з поўдня, дзе з дачкой правяла ўвесь водпуск. Я  слухала яе апавяданне, рабіла выгляд, што  чую аб  усім гэтым упершыню і  мне  гэта ўдавалася.

 

     --А як гэта табе, Вікторыя, пашанцавала атрымаць кватэру ў самым цэнтры! -- пацікавілася я з адкрытым захапленне, гэткай яе ўдачай, мне не было чым падобным  хваліцца. Жыла я ў двухпакаёвай хрушчоўцы, якая часам нагадвала мне невялікі інтэрнат. Неяк так выходзіла, што мы ўвесь час таўкліся ў аднам пакойчыку і толькі на ноч разыходзіліся па сваіх кутках.—Я табе, Вікторыя, так зайздрошчу! Шчыра! Гэта ж такая ўдача атрымаць кватэру ў самым цэнтры! Такую кватэру! 

     Вікторыя задаволена ўсміхнулася, ёй лісцівіла маё прызнанне і яна не стрымалася, каб не сыпануць   сваімі пытаннямі:

     --

А ты, Алена, як жывеш? Колькі ў цябе дзяцей?  І навогул  раскажы аб сабе. Мы ж столькі  не бачыліся...

 Нейкі час мы абменьваліся пытаннямі і адказамі, як капітаны каманд пад час размінкі ў вядомай тэлеперадачы “КВЗ”. І гэтая гульня ў “пытанні і адказы”  пачынала зацягваць.. Дзіўна, але ж аказалася, што ў кожнай з нас было нешта, пра што  хацелася даведацца, пагаварыць, удакладніць. Напэўна, калі мы расказваем аб сваім жыцці і сваіх поспехах знаёмым, асабліва тым, што памятаюць нас маладымі, мы як-быцца бы падсумоўваем рахунак свайму пражытому і імкнемся перш за ўсё запэўніць самі сябе ў тым, што  ў  нас ўсё не горш чым у іншых.

 

     --Вікторыя, можа  запросіш да сябе ў госці? Ты ж тут  зусім недалёка жывеш! Пагаварылі  б  як  людзі... Хочацца паглядзець, як ты жывеш. На колькі я ведаю, у цябе выдатная кватэра, не  такая як мае катухі.

     --Не палац канешне...--пачала Вікторыя, але я перабіла яе больш настойлівай просьбай:--Ой, Вікторыя! Ты проста абавязана запрасіць мяне да сябе ў госці. Прабач, можа я занадта настырна, але ж так хочацца падзівіцца на добрую кватэру. Пахваліся сваёй кватэрай...

    --Алена!--Вікторыя міжвольна глянула на гадзіннік і спакойна крыху нараспеў, нечакана падсумавала, --Іншым разам я можа і не змагла б цябе запрасіць да сябе, але  сёння...Табе проста немагчыма адказаць. Гэтак просіш... А да таго ж сёння ў мяне не выпадае часу, каб яшчэ куды-небудзь паспець. Няхай жа будзе па-твойму: справім дзявочыя вячоркі. Тым больш, што я дома адна, мой муж разам з дзецьмі на вёсцы...

     Гэтае запрашэнне Вікторыі  было настолькі нечаканым для мяне, што я нават крыху разгубілася. І праўда, з чаго б было ёй запрашаць мяне, хто я ёй такая? Сяброўка? Напэўна ў Вікторыі нешта зрывалася, я бачыла, што яна нервуе, заклапочана аглядваецца наўкола і позіркам некага шукае. Мне, здаецца, пашанцавала наскочыць на яе менавіта ў гэткі момант, таму  яна і вырашылася запрасіць мяне да сябе.

 

      Праз паўгадзіны мы былі ў Вікторыі.

 “Умеюць жа людзі жыць!” – падумала я, калі мы пераступілі парог кватэры Вікторыі. –“Ці то гэта ім шанцуе, ці то гэта і сапраўды нейкае ўменне!

      А кватэра ў Вікторыі была цудоўная. Я аб такой магла толькі марыць, бо гэта былі тры раздзельныя пакоі, паркетная падлога, югаслаўскія модныя шпалеры, чэшская сантэхніка, румынскі спальны гарнітур, фінская гасцёўня, вялікая, метраў на дванаццаць, кухня з гарнітурам “Вязынка”. Усе выгоды такой кватэры для мяне было проста немагчыма  адразу ж ўсвядоміць. Асэнсаваць, удакладніць. Таму  адказ Вікторыі :”Нічога асаблівага!”, якім яна адрэагавала на маё словы, мяне проста абурыў, так і захацелася сказаць ёй якую-небудзь брыдоту. Пыхлівасць Вікторыі і жаданне выхваліцца заўжды раздражнялі мяне. Не дарма ж кажуць, што тое чаго дасягаюць без вялікіх намаганняў не зусім радуе.

     --Гэта на першы погляд можа здацца, што мая кватэра добрая, -- пачала тлумачыць Вікторыя, яна нібы прасіла прабачэнне за тое, што ў яе не такая, як у мяне хрушчоўка, – Але ж, Алена, гэта для цябе такая кватэра нешта незвычайнае, бо ты не бачыла сапраўдных кватэр, такіх у якіх нам не жыць. Ды мы з табой нават марыць пра такія не можам, бо ў нас на гэта не хопіць фантазіі. Праўда-праўда. А мая  кватэра самая звычайная, бо тут зусім малая плошча...

     --Ну, сказала, --здзівівлася я, -- Што ж тады мне гаварыць пра сваю хрушчоўку з сумяшчоныя туалетам і ваннаю, сумежнамі пакойчыкамі і малюсенькай кухняй?

 Вікторыя пакінула маё пытанне без адказу. Мы прайшлі на кухню, дзе яна адразу  пачала  збіраць на стол пачастункі. Я было паімкнулася дапамагчы ёй, але яна  стрымала мяне:

 

     --Ты, Алена, у гасцях! Так, што пасядзі!

 Мне было  прыемна  адчуць сябе  госцяй, я сядзела за сталом і назірала, як завіхаецца каля пліты гаспадыня, разглядвала кухню і разважала. У вочы кідалася тое, што хоць кухня і вялікая, але гасападыня  тут не вельмі спраўная. Усюды было навалена посуду і розных пакетаў і скрыначак, хоць кухонны гарнітур і меў безліч розных шафак, палічак, тумбачак. Кухня нагадвала выставу розных харчовых тавараў і посуду. Плінтусы былі брудныя, мокрая ануча ўжо даўно не  кранала іх. На вокнах віселі запыленныя  занавескі якія трэба было ўжо  даўно адпрасаваць..  “ Эх, мне б такую кватэру!” – у думках пашкадавала я. – Яна у мяне зіхацела б ад чысціні!Гэта ж не кватэра а мара!

 

--Зараз перакусім! --прапанавала гаспадыня.—У мяне сёння выдаўся на дзіва мітуслівы дзень. Цэлы дзень прабегала і нават не паабедала  як след. Адно толькі каву піла. Але ж кавай сытая будзеш? Так?

 Яна паставіла на стол бутэльку  шампанскага і дадала: -- Пакаштуем шыпучкі! Згода? Сёння такая жара, дыхаць няма чым.

 Я не ведала, што ёй адказаць на такую прапанову. А Вікторыя ўзяла бутэльку, спратна  адкаркавала яе і напоўніла вялікія  крыштальныя  фужэры. Я дзівілася, таму як ў яе ўсё спрытна атрымоўваецца, для мяне адкрыць бутэльку шампанскага гэта цэлая падзея, свята. 

 

     --Алена, вып ем за выпадак, што звёў нас сёння! Будзь здарова!

 Мне не заставалася нічога іншага, як паціснуць плячыма і ўзяць крыштальны фужэр. Ды і што было гаварыць! Шыпучае віно прыгожа пузырылася ў фужэрах, што  спакушала мяне, тым больш, што шампанскае мне здаралася купляць толькі на Новы год. А Вікторыя  з выпіўкі не рабіла падзеі, я ж яшчэ дык мылілася, ламалася. Моцнае ўражанне ад таго, што я ўбачыла ў Вікторыі, гаварыла аб тым, што ёй, напэўна, няма чаго скардзіуцца на сваё жыццё. Так мне здалося, але ж  яна неяк нечакана нібы перахапіла маю думку сумна  ўздыхнула:

 

     --  Я так стамілася, Алена! -- у маёй галаве мільгнула думка, што зараз пачнецца доўгае апавяданне пра цяжкую  жаночую долю. Але я  памылілася, бо Вікторыя змагла  спрасаваць усе свае хваляванні і трывогі ў некалькі фраз. – Мяне так замучылі дзіцячыя хваробы! Барані  Божа цябе ад такога.  І  муж ... Ты ж ведаеш майго Рыгора? Так! Фантазёр няшчасны!. Адно толькі работа ў галаве. Чэрціць цэлымі днямі нешта, піша... Гразь разводзіць на кухні са сваімі макетамі.  І ўсё ў яго тэрміновая работа. Але ж, што гэтая  за работа за якую грошай  ніхто не плаціць... А яшчэ гэтыя яго вечныя камандзіроўкі... Адлучкі... І зноў  жа адгаворкі, што ў яго ўкараненне распрацовак на вытворчасці. Лепш дома сядзеў бы . У мяне ж не праца, а катарга. Адна  матэрыальная адказнаць чаго каштуе. Тым больш, што зараз  так крадуць. Няма сілы гэтак далей жыць.

     --Як я цябе, Вікторыя, разумею цябе! -- пашкадавала я яе і трэба зазначыць, што гэта была шчырасць. – Але ж не ў адной цябе такія цяжкасці... Вось толькі, чым табе не дагадзіў твой Рыгор! Ён жа, наколькі я памятаю, такі спакойны, стрыматны, добры...  Мне здаецца, што ты дарэмна чапляешся да яго. Раўнуеш яго, ці што?

     --Ну,сказала! -- іранічна ўсміхнулася Вікторыя. –Каго?  Рыгора? Ой, не смяшы! Каму ён трэба?

     Вікторыя  ўвесь час мітусілася, уставала з-за стала, бразгала накрыўкамі каструль - і на стале з’яўляліся нейкія простыя хутка згатаваныя стравы. Маім разуменнем  ёй не было з-за чаго крыўдаваць на жыццё, яна мела прыгожае адзенне, смачную ежу, прыстойнае жыллё, шмат прыгожых рэчаў, грошы, нядрэннага мужа , дзяцей – чаго жанчыне яшчэ жадаць? Але ж ёй ўсяго гэтага было мала. А што шанаваць тое, што далося  легка, без намаганняў, без перажыванняў і слёз?

     --Іншым часам я пачынаю думаць, што можа мой Рыгор усё ж завёў сабе нейкую палюбоўніцу, – прадоўжыла свае разважанні ўслых гаспадыня.—А сваімі заняткамі прыкрываецца, каб спраўней было хаваць гэта.

 Яна неяк  нядобра глянула на мяне, як-быццам бы хацела паказаць, што падазрае мяне ў нейкай сувязі са сваім мужам. Мне зрабілася не па сабе, ці то ад выпітага, ці то ад пытаннў, падазронасці, намёкаў. Вікторыя раўнавала Рыгора, і напэўна не столькі да мяне, колькі да жанчын навогул.                      

 

Трэба сказаць, што Рыгора я не бачыла з таго самага часу, як ён ажаніўся і з’ехаў з інтэрнату. Сумна, але мы ніколі не сустракаліся. Ніколі, хаця мне вельмі хацелася сустрэцца з ім і проста пагаварыць. Але ж не здарылася. Не лёс!

 

Нейкі час мы моўчкі паглядпалі адна на адну. Задуменна. Тужліва.

Вікторыя шукала  маёй падтрымкі сваіх падцверджанняў і падазрэнняў. Але я не  хацела нічога гаварыць пра  яе мужа.  Праўда мяне пачынала падмываць, лупануць ёй “праўду матку”, тую самую, якая так непрыемна з чужых вуснаў для кожнага чалавека.

Напэўна Вікторыя яшчэ да гэтага часу не зразумела, што мала проста выйсці замуж, неабходна  перш за ўсё ўсвядоміць сам гэты факт і зразумець, што свайго мужа трэба расціць гэтак жа як дзіця. Так! Гэта відавочная праўда і нішто іншае. Я была ўпэўненена ў тым, што калі хочаш мець “высокага” мужа – расці яго! Я толькі-толькі пачынала разумець гэтую вельмі простую жыццёвую ісціну, як кажуць “пачала даганяць яе сэнс”. Жыццё такое як ёсць і самае каштоўнае ў ім не тое, што магло б здарыцца а тое,  што ёсць, чым жывеш і дыхаеш. Мала зразумець гэта, трэба навучыцца гэтым жыць. Я

 ведала пра жыццё Вікторыі нешта такое,  што можа лепш было б не ведаць, таму мне было вельмі прыкра чуць непрыемнае пра Рыгора, якога я некалі кахала. Моцна. Па-сапраўднаму. Сумна але ж ў яго жыцці , як аказалася, не  ўсё  добра. Можа і я была вінавата ў тым, што жыццё яго такое як ёсць а не нейкае іншае.

 

     --Давай чокнемся, Вікторыя! -- прапанавала раптам я, бо зусім не хацела думаць пра жыццёвыя складанасці. Не хацела нічога ўспамінаць.І я ўзяла бутэльку рашуча і напоўніла фужэры. – Мой тост за каханне! За першую любоў і за твайго Рыгора!

 Я зрабіла невялікую вытрымку, каб паглядзець, як Вікторыя будзе рэагаваць на гэтыя мае словы. Але ж яна, як мне здалося, проста не зразумела іх сэнс. Здзіўленне і чаканне адлюстроўвалася ў яе вачах. Трэба было  растлумачыць свой тост:

 

     --Ты ж ведаеш, што твой Рыгор быў хлопцам, якога я ўпершыню пакахала! Ведаеш! Не можаш не ведаць! У інтэрнаце нічога нельга было схаваць ад іншых. Усё і пра ўсіх было вядома ўсім... Таму і прапаную, давай жа вып’ем за яго! Няхай ў яго ўсё будзе добра!

 Я  не спешна смакавала салодкае шыпучае віно і назірала за Вікторыяй. Тая паднясла фужэр да губ і незадаволена скрывілася.  Ці то ёй не хацелася піць, ці то гэта мой тост ёй не падабаўся. Я зрабіла некалькі глыткоў, падняла фужэр  і  паўтарыла:

 

     --За твайго Рыгора, няхай ён будзе здаровы і шчаслівы!

 Пасля чаго я  даволі спакойна дапіла сваё віно -- і мая рашучасць неяк  адразу ж знікла, я абмякла, сцішылася. Скурчылася. Віно  пачынала дзейнічаць  на мяне,  я разумела, што пачынаю п’янець і таму магу нагаварыць лішняга. Але жаль да самой сябе нечакана нахлынуў на мяне і зрабілася нязносна крыўдна і балюча. Чаму  атрымалася так, што Рыгор стаў мужам Вікторыі? Чаму?

 --Ты, не зразумела, чаму я прапаную тост за твайго мужа?

Хачу прызнацца табе ў тым, чаго ты можа  не ведаеш: твой Рыгор  быў маім каханкам!-- я паўтарыла гэта з нейкім адчаем і ледзьве здолела стрымаць слёзы. Калі б Вікторыя ў тое імгненне пашкадавала мяне, ці проста нават кінула спачувальнае слова, то я б не вытрымала, расплакалася. Але тая насуплена моўчкі глядзела на мяне. Насцярожана. Маўкліва. Ад гэтага яе позірку рабілася нядобра. Я з цяжкасцю стрымлівала хваляванне. Нечаканыя ўспаміны пачыналі  зацягваць мяне, толькі ж неабходна было прадоўць свае тлумачэнні. – Ён, праўда, гэтага не ведаў! А вось ты, такая спрактыкаваная ў любоўных справах, добра ведала.Не магла не ведаць. У нашым інтэрнаце не магчыма было не ведаць чаго-небудзь гэткага. Дзяўчаты не ўмелі трымаць сакрэты. Ты павінна была  ведаць, што не толькі я, але і Томка, наша суседка па двухпакаёваму  інтэрнацкаму блоку, таксама была закахана ў Рыгора.І ведаеш, у яго  цяжка было не закахацца. Ён так нечакана з’явіўся ў нашым пакоі. Узрушыў усіх . Зачараваў. Быў у яго  нейкі талент дарыць нечаканыя маленькія радасці. Часам уварвецца да нас у пакой, расколе нас на бутэльку добрага не вельмі моцнага віна і торт. Потым сабярэ ўсіх за адным сталом за чаркай і чашкай гарбаты,тых, хто пасварыўся --памірыць, тых у кого непрыемнаці--пераключыць  з цяжкіх думак на спакойны аптымізм і веру ў добрае. Чым не талент?  Навогул ён ўмеў  узняць настрой. Але ты магла і не ведаць гэтага, бо рэдка бывала ў інтэрнаце. Толькі ж чула нешта. Не магла не чуць?

     --Чула! Вы ж так захапляліся ім :”Які хлопец! Які кавалер!” Каб не вы, то я можа  і замуж за яго не пайшла б. Але ж вы разрэкламавалі яго так, што я як-быццам бы аслепла, ---з нейкай злосцю прабубнела Вікторыя.

     --Няўжо! Так і аслепла! Ведаю я, якой ты была сляпой,калі засталася з ім адзін на адзін упершыню.

     --Калі гэта?

     --Як, калі! Няўжо, ты не паметаеш?  Вось не паверу!  Хочаш, каб я табе напомніла?

     --Паспрабуй! Цікава пачуць ад цябе тое, чаго ты проста не магла бачыць.

     --Бачыць не бачыла, але ж нешта пра ўсё гэта чула. Сарока на хвасту прынесла. Памятаеш, як ў ноч пад Новы год з трыццаць першага на першае размарозілі паўгорада? Тады на кацельні, што ацяпляла наш інтэрнат здарылася аварыя. Паўінтэрната размарозілі за адну ноч. У пакоі, дзе жыў Рыгор размарозіліся трубы ацяплення, а ў нас было цёпла. Камендант інтэрната прапанаваў тым ў каго ў пакоі адключылі цяпло на нейкі час падсяліцца да суседзяў дзе цёпла.  Рыгор прыйшоў да нас вечарам. Пастукаўся. Яму адчыніла Томка. Цябе  не было дома, я была  ў камандзіроўцы, Томкіна суседка па покою – у водпуску.  Рыгор прывітаўся і як заўжды пажартаваў: “ Паколькі ў вас цёпла і вы адзіныя мае знаёмыя, то сёння я начую ў вас. Так загадаў камендант!” Томка ўспрыняла гэты жарт сур’ёзна, і прапанавала яму ключ ад нашага пакоя і растлумачыла, што ён можа  жыць у гэтым пакоі некалькі дзён пакуль, суседкі адсутнічаюць. Рыгор падзякаваў яе і пайшоў спаць. Было даволі позна. Хто ж мог ведаць, што ты прыйдзеш начаваць менавіта ў гэтую ноч. А ты здаецца недзе затрымалася і да сястры ў прыгарад не паехала. Эх Томка! Зелень пузатая, ей бы пакласці Рыгора ў свой пакой , то можа ўсё склалася б інакш. Што ж маладая была яшчэ, не дацяміла!

Ты прыйшла ў інтэрнат амаль апоўначы і ў вельмі злым настроі. Зайшла ў свой пакойчык, убачыла на суседчыным ложку хлопца, здзівілася... І адразу ж рынулася сварыцца ў пакой да суседак па блоку. Томка спрабавала апраўдвацца, тлумачыць... Але ж хто і што мог табе растлумачыць! Гэтую ты пераначавала ў Томкі...

 

--Працягвай! Мне так цікава... –падзужвала мяне Вікторыя, мне здалося, што яна пасміхваецца з мяне, як дарослая сястра з малодшай.—Што ж ты такое можаш мне расказаць пра ўсё гэта? Што?

 

    -- І раскажу! Чаму ж не расказаць! -- мяне пачынала заносіць, напэўна ад той самай  незразумелай жаночай  злосці, што ўскіпала ўва мне, і якая часам так псуе нам жыццё. Можа трэба было крыху стрымаць сябе, а апавяданне паднесці так, каб яно зрабілася падобным на простую жаночую балбатню. Але  мяне проста падмывала рэзаць “праўду матку”, каб хоць як-небудзь закрануць, разварушыць Вікторыю:--Наступную ноч ты начавала таксама ў інтэрнаце, бо добра ведала  што Томка паедзе да бацькоў. Ты планавала гэты начлег, гэту ноч, каб застацца адзін на адзін з Рыгорам. Я проста не хачу  верыць, што гэта простая выпадковасць. Не такі ў цябе характар...

 Здаецца Вікторыя ўспамала маё апавяданне, як дзявочую балабатню. Яна заварожана ўтаропілася на мяне і моўчкі слухала. Напэўна, я, як была так і засталася для яе дзяўчынкай-падлеткам. Прасцячкай і забітай дзеравеншчынай. Але ж гады не маглі не ўраўняць нас. Гады і жыццёвы вопыт. Цяпер ўзрост ўжо не меў ніякага значэння. Я проста была ўпэўнена ў гэтым..

 

     --Ты думаеш, што я не ведаю нічога? Дарэмна! Я не дзіўлюся, бо так думае кожны пра сябе, але ж  іншым часам аказваецца , што зусім незнаёмыя людзі ведаюць пра нас больш, чым нават можна ўявіць. Так-так! А я ж не зусім незнаёмы табе чалавек! Мы ж некалі жылі побач... Так што паслухай, што я табе раскажу... Добра! Толькі каб не крыўдзілася пасля! -- я яшчэ спарабавала вытрымаць нейкія дыпламатычныя фармальнасці, што было выключным глупствам. Ці ж не дзіўна, было б сказаць якому-небудзь знаёмаму: “Прабач, я зараз плюну табе ў вочы, але ты не крыўдуй і не звяртай на гэта ўвагі, бо я папярэдзіла цябе і папрасіла  прабачэння.!” -- У цябе  як раз тады былі немалыя праблемы. Ты здаецца пасварылася са сваім  хлопцам, якога звалі Пятро.  Жыў ён недзе ў горадзе, а ў інтэрнат прыходзіў да свайго сябра. Вы пасварыліся напярэданні Новага года і ты ў свае дваццаць восем успрымала гэты разлад як трагедыю. Было з-за чаго. Ішлі гады. Усе твае сяброўкі ўжо былі замужам і толькі ты адна ўсё яшчэ халасцякавала. Пятро, твой кавалер, быў вельмі перспектыўнай кандыдытурай, як жа, ён  працаваў ў нейкім міністэрстве. Але ж не выходзіла ў цябе з ім жаніцьба.  Неяк нечакана ён  адчаліў...

І вось тут раптам падвярнуўся Рыгор. Просты. Добры. Звычайны.

 Чаго яшчэ жадаць?

     Вікторыя немігаючы глядзела на мяне і слухала. Моўчкі. Насуплена.

     --І ўсё! -- нечакана закончыла сваё апавяданне я. У мяне ўсё ж такі не хапіла звышнахабнасці, каб пераказваць Вікторыі да канца ўсе інтэрнацкія плеткі, якія некалі чула ад суседак. – Усё! Я ж нестаяла ў цябе ў нагах. Больш няма чаго расказваць.  Астатняе ты ведаеш лепш за мяне.

     --Абы што! -- абыякава махнула рукой Вікторыя і даволі спакойна сказала. – Я думала, што ты раскажаш мне нешта больш цікавае. Ты проста пераказваеш  інтэрнацкія плёткі і толькі. Прабач, Алена, але ты, як была шкадлівай дзеравеншчынай, так і засталася.

     --Так ужо! Проста я цябе пакрыўдзіла?  Так?  Ніколькі? Вось не паверу! Можа ты хочаш каб я яшчэ  дадала, што-небудзь такое чаго ты можа і не ведаеш.  Хочаш! -- Вікторыя моўчкі глядзела на мяне і непрыемная нейкая завельмі дарослая ўсмешка блукала на яе твары. Я добра ведала, што выключнаяй асаблівасцю для таго, хто некалі жыў ў інтэрнаце з’яўляецца тое, што яго жыццё становіцца  часткай агульнага. І дзе б ён не жыў і куды б яго не закінуў лёс, адчуванне, што  працягваеш жыць ў інтэрнаце не праходзіць яшчэ доўгі час.

     --Давай! Калі ўжо пачала, то працягвай. Нагаварыла абы чаго, то дадай і яшчэ што-небудзь!Палівай!

     --Не хочацца сапсаваць настрой і крыўдзіць цябе! Але калі ты настойваеш і хочаш ведаць тое, што я ведаю пра ўсё гэта то, добра! -- і я прадоўжыла пераказваць ёй даўнішнія інтэрнацкія плёткі. – Наколькі я разумею ты не хацела ўпускаць такога хлопца, як Рыгор. Не хацела. Гэта ж быў хлопец  разрэкламаваны тваімі маладымі суседкамі. Яны не маглі проста прамаўчаць, загадаць нешта сваё на будучае і ...  Ты добра ведала, што мы сохлі па гэтаму хлопцу, раўнавалі яго адна да адной і часам сварыліся з-за яго. Саромеліся прызнацца адна адной, што гэта каханне... А табе лёс падкінуў такі незвычайны выпадак. За сценкай ляжыць хлопец. Той самы Рыгор,ад адной думкі аб якім, маладзенькія дурніцы проста млеюць. Такі выпадак! І ўсё вырашылася неяк раптам, вельмі проста і  згодна з тваім жыццёвым прынцыпам: альбо ўсё, альбо нічога. Дэфіцыт - гэта тое што карыстаецца попытам, і ты не магла выпусціць такі выпадак, каб не завалодаць дэфіцытам, тым больш, што ён сам плыве ў рукі. А трэба ён табе ці не, не мае ніякога значэння.

     --Глупства! -- абарвала мяне Вікторыя. – Напрыдумвала ты сабе абы чаго.

     --Так ужо і глупства! -- не здавалася я.

     --Глупства! -- больш настойліва паўтарыла Вікторыя. Яна давала мне зразумець, што не хоча працягваць размову. – Ты не можаш ведаць усяго , што здарылася тады па адной прычыне: ты была яшчэ зусім зялёная, каб нешта такое разумець.

     --Можа і так! Але ж цяпер я ўжо не дзяўчо. Хоць можа як і тады зайздрошчу табе. Смешна, але так. Зайздрошчу таму, што Рыгор твой муж. Хіба толькі гэта ўжо зусім іншая зайздрасць. І зусім іншае пачуццё.

     --Ой! Не смяшы мяне, Алена! Знайшла чаму зайздросціць!

     --А што? Для цябе ўсё гэта нішто? Так? Дык гэта, таму, што ты ніколі не кахала свайго мужа! -- я не змагла закончыць сваёй думкі. Начаканая жаласлівая хваля накацілася на мяне, вочы напоўніліся слязьмі і  я проста не змагла ўжо больш гаварыць, бо добра ведала, што значыць гэтае самае “не кахаць свайго мужа”.

     --А за што яго кахаць? Ён, што Ален Дэлон ці Кіркораў?

     --Так,ён не Дэлон!... Але гэта зараз ты так кажаш, а тады... Ты ж ведала, што Рыгор паміма асноўнай працы спрабуе падзарабляць тым, што робіць дробныя ганчарныя вырабы з гліны  і гіпсавыя злепкі, і гандлюе імі. Табе здалося, што ён проста друкуе грошы -- і ты пабаялася, што вялікія грошы праскочаць міма цябе....

     --Божа! Назбірала ў галаву рознай брыдоты  і нясеш неведама што.

     --Нічога такога! Можа не зусім лагічна, але ж ніякой брыдоты!

Тут раптам зазваніў телефон Вікторыя нярвова ўздрыгнула, папрасіла прабачэння, паднялася з-за стала і выйшла ў суседні пакой, адкуль даносіўся званок тэлефона. Яна шчыльна зачыніла за сабой дзверы, што дало мне падставу лічыць: званок ад нейкага яе палюбоўніка., можа нават ад таго самага Пятра, бо наколькі я ведала, яны працягвалі сустракацца. Але ж гэта была выключна асабістая справа Вікторыі.

І мне прыгадалася невялікае здарэнне, сведкай якога я была.

Гады тры таму мой муж трапіў у клініку з радыкулітам.Разам з ім у палаце было чацвёра мужчын.І вось  неяк у будні дзень раніцай я наведала яго. Усе насельнікі палаты як раз былі на працэдурах. Мы сядзелі і размаўлялі. У палату раптам паскукалі. Мой муж адазваўся. Дзверы прыадчыніліся і з калідора  запыталі: “Пятра можна?” Мой муж  адказаў, што яго няма, бо як раз зараз ён на працэдурах. “Добра!” – адказала жанчына так і не паказваючыся з-за дзвярэй,- “Перадайце яму, што прыходзіла Віка!”  І жанчына паставіла на падлогу поліэтыленавы пакет з перадачай. Дзверы зачыніліся. Атрымалася так, што твару наведвальніцы мы не разглядзелі, бо яна ўвесь час заставалася за дзвярыма. Але ж голас мне здаўся знаёмым. Я доўга дапытвалася ў мужа, што гэта за Пятро, якога наведваюць гэтак. І неяк на наступны разам у скверыку бальнічнага гарадка мой муж паказаў здалёк мне гэтага Пятра, разам з жанчынай, якая наведвала яго. Гэтай жанчынай аказалася Вікторыя.Так  я даведалася аб тым, што  пасля свайго замужаства Вікторы працягвае сустракацца з колішнім каханкам.  

 

Хвіліны праз тры Вікторыя скончыла размаўляць па тэлефоне і вярнулася  на кухню.

 

--Сумуеш, тут без мяне?-- звонка запытала яна, яе твар ізноў свяціўся тым самым святлом, якое так нечакана згасіла маё з’яўленне, там у краме, дзе мы сустрэліся, і гэта не магло не раззлаваць мяне. Я ніяк не магла дасці дакапацца разуменнем да нейкай толькі Вікторыі вядомай даросласці, якая і зараз адрознівала нас. Вось нават зараз я  засатаюся для яе дзяўчом-падлеткам.

 --

Чаму? Не! -- адгукнулася я  і неяк нечакана нават для самой сябе стрэліла пытаннем,-Пятро званіў?

     --Так! -- яна механічна кіўнула галавой, бо проста не чакала ад мяне такога прамога пытання. І адразу ж зардзелася , залілася чырванню.

     --Чаго саромецца? -- абыякавым голасам адказала я, мне было прыемна за тое трапнае пытанне, якое ізноў паднімала мяне на адзін ўзровень з Вікторыяй у разуменні няпростых жыццёвых пытанняў. – Мне даўно і  добра вядома, што ты і зараз сустракаешся з Пятром.

 Вікторыя ніяк не адрэагавала на мае словы. Адмоўчвалася. А я паспрабавала перавесці  размову   на іншае, рашуча ўзяла бутэльку і прапанавала:--

Можа яшчэ?

     --Давай! -- махнула рукой  Вікторыя. Яна паднядася з крэсла і прапанавала:-- Я прыгатую каву. Добра?

 Наша размова рабілася больш стрыманай  і спакойнай. Мне нават падумалася, што тэлефонны званок  быў своечасовым, ён разрадзіў напружанне, якое  вось-вось магло перарасці ў сварку двюх шкадлівых жанчын.

Віктрорыя  заправіла электракававарку і пакуль тая буркацела, пыхкала,  села за стол і ўзяла фужэр.

 

     --Сёння ў нас незвычайныя вячоркі атрымоўваюцца.—мне здалося, што яна хоча пра нешта запытаць, але не рашаецца,-- П’ем ды ўспамінаем  такое даўняе, што я нават не верыцца, ці было яно такое ў  жыцці. Ці было... каханне!  Хто кахаў, каго і калі? І каханне!  Першае... Другое... Апошняе... Алена, давай чокнемся за каханне! Не так важна якое яно, першае ці другое... Галоўнае, што гэта каханне! Яно ж такое рознае ў кожнай з нас!

     Я пакорліва пагадзілася з ёй.

 Мы чокнуліся і на гэты раз фужэры зазвінелі неяк гучна, святочна. прыгожа. Толькі віно ўжо не пузырылася ў фужэрах, газ выйшаў і смак віна не здаваўся прыемна салодкім. Прыкусваць такое  віно не хацелася. Гэтак жа як і піць. Мы моўчкі сядзелі за сталом, глядзелі адна на адну і  глыталі паветра нібы тыя рыбы, якіх выкінула на бераг моцная хваля.

 Я спрабавала знайсці больш нейтральную тэму для працягу размовы, але не знаходзіла яе. Мае думкі былі  пра Рыгора, якога хоць і не было тут, але прысутнасць якога адчувалася ва ўсім, здавалася, што ён сядзіць побач са мной, маўчыць і слухае.Чаму ён ажаніўся на  Вікторыі? Ці зразумею я гэта калі-небудзь?

 

      --А адкуль ты ведаеш, што званіў Пятро! -- не стрымалася Вікторыя, каб не пацікавіцца. – Падслухала?

 Яна сказала і  засмуцілася, бо раптам зразумела, што яе пытанне  недарэчнае. І таму не чакаючы, майго тлумачэння,  махнула рукой і крыху засмучана сказала: -- Прабач!

  --

Вікторыя? Ты думаеш, што твая сувязь з Пятром вялікая тайна? Ды людзі часам ведаюць пра нас намнога больш, чым мы можам сабе ўявіць. Далі Бог!

      --І што ўжо такога  могуць, людзі ведаць пра нас нечаканага?

      --А крыўдзіцца не будзеш? -- запытался я. Напэўна, гэта было залішнім. Але ж п’янаму мора па калена, а тым больш жанчыне.Мне нельга было піць сёння, а тым больш, шампанскае, ад якога я звычайна  хутка п’янею. Лепш было памаўчаць ды збірацца дахаты, бо быў ўжо даволі позні час. Вось дабілася свайго: пабывала ў гасцях, але ... Мне хацелася яшчэ нечага. Можа гэта было жаданне выгаварыцца і расказаць Вікторыі ўсё тое, што можна назваць “чужой праўдай”, жорсткай, бессардэчнай. Бабскімі плёткамі і абгаворамі. Нешта вельмі падобнае я ўжо адчувала ў далёкім дзяцінстве, калі маленькай дзяўчынкая стаяла каля вялікага стажка-мурашніка з палкай у руцэ. Мною валодала жаданне разварушыць мурашнік, каб паглядзець, што ўнутры яго. Але я баялася, невядома чаго. Мне здавалася, што як толькі я ўторкну палку ў мурашнік, то ўсе мурашкі адразу  кінцуцца на мяне. Нейкае імгненне я нерашуча стаяла, як заварожаная. Толькі ж здолела перамагчы свой унутраны страх, утыкнула палку ў стаджок, паварушыла ёй у ім – і адскочыла ўбок. На маёй душы зрабілася агідна, гадка, гадліва. Але ж нейкае прыемнае пачуцце нечакана пачынала напаўняць мяне. А мурашкі забегалі, замітусіліся. Я стаяла і назірала за імі. Задаволенная. Нават радасная.

 І вось зараз ў нейкае імгненне я адчула нешта вельмі падобнае да тых дзіцячых пачуццяў і перажыванняў. Нават здалося, што я таксама збіраюся разварушыць мурашнік. Але ж дзеля чаго!Навошта!

 

     --Самае галоўнае чаго ты не ведаеш, Вікторыя, гэта прычына, па якой ты стала жонкай Рыгора! Ты проста не ведаеш яе! Табе напэўна здаецца, што ён ажаніўся з табою, бо кахаў цябе. Але ж на самой справе прычына была ў іншым. І ты яе не ведаеш!

     --Ён закахаўся ў мяне! -- спакойна і ўпэўнена  сказала Вікторыя.

     --Калі б так! Зусім не! І няма чаго табе сябе падманьваць. Я ўпэўнена, што жаніцьба з табою была для Рыгора законаменай па прычыне яго дзіўнага характару. Мяккага. Добрага. Спакойнага. І чулага да чужога няшчасця... Памятаю, што хлопцам, ён нават злавацца не ўмеў. Далі Бог! Я ведала яго вельмі добра. Як жа прымярала яго сабе ў жаніхі, ды толькі задоўга... А вось ты разы два-тры ўбачыла яго і адразу ж захамутала... Ён са сваёй бясконцай занятасцю  можа і не разабраўся, як след ні ў сваіх пачуццях да цябе, ні ў тваіх да яго. Акрамя таго ты яго прымала за багатага хлопца, які толькі тым і займаецца, што дзень і ноч зарабляе грошы. Ці не так? Але ж памылачка атрымалася...

     --Што ты такое нясеш? -- крыва ўсміхнулася Вікторыя. Яна не збіралася абвяргаць мае словы ці спрачацца -- і гэтае яе ўспрыйманне майго апавядання дабаўляла мне упэўненасці і нахабнасці. Гэта магло азначаць толькі адно: маімі вуснамі гаварыла ісціна.

 

     --Твой Пятро, той самы, што званіў хвіліну таму, раптам перадумаў браць цябе. Незадавальняла яго твая кандыдатура на месца жонкі.Ён жа не быў такім прасцяком, як Рыгор і ведаў, што трэба за жонка работніку міністэрства, каб зрабіць добрую кар’еру. А кім была ты ў яго разуменні. Кім? Ты хоць зараз гэта разумееш? Бязродная! Дзеравеньшчына! Без багацця і без перспектыў. А пасаг у цябе які?  Благаславенне ды бохан хлеба і ... Мне здаецца, што вы з Пятром у нечым вельмі падобныя. Можа менавіта таму ён і стаў тваім першым абраннікам у дваццаць восем гадоў. Першым тваім мужчынам. – Я замаўчала. Зрабіла невялікчкую перадышку. Падумалася, што не трэба больш нічога гаварыць. Мая балбатня ўжо не зусім бяскрыўдная, а не нейкія там непрыстойныя інтэрнацкія плёткі  Але не вельмі проста было стрымаць сябе. Хацелася выгаварыцца, выліць усё тое, што даўно перапаўняла маю душу. Хоць гэтак адпомсціць Вікторыі за тое, што яна адбіла ў мне хлопца.

Можа, калі б Вікторы і Рыгор жылі добра, я адчувала б сябе зусім інакш і гэта сустрэча была б проста немагчыма. Але ж адчуванне таго, што ўсё ў маім жыцці  магло б  скласціся неяк не так як ёсць, калі б мне дарогу не перайшла Вікторыя, штурхала мяне на працяг свайго апавядання. – Ты напэўна лічыла, што Пятро ацэніць тваю нявіннасць, некранутасць, калі аддавалася яму, як раз перад  самай  вашай апошняй сваркай. Думала, што ён будзе маліцца на цябе, як  жа ты да дваццацівасьмі берагла для яго сваю нявіннасць. Але ж аказалася, што ён цаніў ўсё гэта роўна, так як ты цаніла дабрыню і спагадлівасць у свайго Рыгора.

Ты можа і не ведаеш, што Рыгор і Пятро былі знаемы. Іхні агульны знаёмы Мікола некалі жыў у нашым інтэрнаце, але недзе перад тваім знаёмствам з Рыгорам  ажаніўся і пераехаў жыць да жонкі. І вось неяк Мікола, Пятро і Рыгор сустрэліся  на кватэры ў Міколы. Была ў іх нейка прычына, каб сабрацца разам. Яны напэўна добра выпілі. Разгаварыліся. Пад п’яную руку Пятро і ляпнуў, што нядаўна трахнуў адну дзяўчыну, але жаніцца на ёй не збіраецца. Для яго гэта самахвальства было  момантам падцвярджэння  мужчынскія якасцяў. Такой перамогай над дзяўчынамі любяць іншы раз пахваліцца хлопцы. А тут гэткі выпадак паказаць як уламаў перасапелую дзяўчыну. Па п’янцы, чаго не нагаворыш. Усё прайшло б непрыкметна, калі б Мікола па сакрэту не адкрыў Рыгору імя дзяўчыны. Так было...

   У маіх грудзях  тузанулася сэрца і зашчаміла, гэта быў боль і роспач

 маіх даўніх дзявочых пачуццяў. Каханя без адказу. Рэўнасці. Усё ж такі я вельмі моцна кахала тады Рыгора, бо і цяпер нейкае невытлумачальнае пачуцце трывожыць мне.

   --

І гэта ўсё, што ты хацела мне сказаць! -- запытала спакойным голасам Вікторыя, калі я раптам замаўчала і гэта напэўна трэба было  ўспрымаць, як жаданне скончыць апавяданне. Я заўважыла, што яна з вялікай цяжкасцю стрымлівае хваляванне. – Лухта нейкая ды  толькі.Я вушы развесіла, думаю, што ты мне такое не звычайнае раскажаш, а ты... Нясеш лухту... Інтэрнацкія плёткі...

  

Яна імкнулася ўсім сваім выглядам запэўніць мяне ў тым, што расказанае мною ні кроплю не ўсхвалявала яе, але ж дарэмна. Не на такую нарвалася. Калі б яна нават пабажылася, то я ўсё роўна не паверыла б ёй.

 

      --Не магу сабе прабачыць, што тады, другога студзеня я пагадзілася паехаць ў камандзіроўку, а не засталася у інтэрнаце. Ніяк не магу.... Гэта ж да мяне быў павінен прыйсці начаваць Рагор, я павінна была пакахацца з ім. А то да сённяшняга дня я жыву, як замарожаная. А тваё сэрца для Рыгора заўжды было халодным....

     --Так ужо! --яхідна ўсміхнулася Вікторыя.  – Скажы, што я і дзяцей не ад яго нарадзіла!

 Я адчувала, што Вікторыя вось-вось успыхне і можа кінуцца на мяне з кулакамі. Так напэўна зрабіла б я. Але ж тая сядзела моўчкі. Сумная. Маўклівая.Шэрая.

 

     --Не бяруся вызначаць такія рэчы! Ды і  на гэта няма патрэбы! --адпарыравала я яе выпад. – Толькі ж ведаеш, Рыгор менавіта пасля той іхняй мужчынскай размовы неяк раптам пачаў завельмі цікавіцца тваёй асобай. Я гэта адразу ж прыкмеціла. Ён нават перажываў за цябе тое, што ты ўспымала не больш, як рамантычную прыгоду. Мне здаецца, што ён проста нафантазіраваў сабе такога, што  быў гатоў цябе і абагаўляць, і кахаць, і нават табе пакланяцца. Так, што табе не заставалася толькі сказаць: “Так!”—і ён твой. Ты і зрабіла менавіта так. Уклала яго з сабой ў ложак ... Што ж прыйшоў бабскі час замуж і тут ужо не выбіраюць, не перабіраюць. А пруцца за таго, хто бярэ. А, што не кахала яго, то ты і Пятра не кахала, проста сутсракалася з ім з-за нейкага ілжывага прэстыжу. Як жа, прыемна было пахаліцца такім  кавалерам. І выглядае як Ален Дэлон, і працуе ў міністэрсве. Кавалер -- проста цукерачка.

     --Божа! Дзе ты выкапала ўсё гэта! -- усклікнула Вікторыя, па ёй было бачна, што яна гатова праглынуць мяне. І нават не жаваць. Разам з крэслам.

 І тут мы неяк адначасова глянулі на кававарку, якая ўжо   з паўгадзіны стаяла без нагляду. Вікторыя кінулася выключаць кававарку, а я перавяла дыханне і сцішаным голасам сказала:

 

     --Не трэба , Вікторыя, кавы! Нічога не трэба! Я пайду! Добра!

     --Не, пачакай! Мы яшчэ вып’ем кавы! Абавязкова!-- спыніла мяне Вікторыя, яна гаварыла спакойна, цвёрда, ўпэўнена. І я раптам ізноў адчула сябе побач з ёю маладзенькай дзяўчынкай, зялёнай-зялёнай, на якую хлопцы проста не звярталі ўвагі. Той самай танклявай, дзяўчынкай-падлеткам з рабочага інтэрнатаю, а не жанчынай, што мае за плячыма некалькі гадоў замужаства.

    --Мне ж трэба нешта табе адказаць на ўсе твае заўвагі. Апраўдацца, ці што...Ты ж столькі нагаварыла пра мяне, што я  быццам бы  жудасная нейкае стварэнне  а не звычайная жанчына.

    --Ты пабач мяне!Не трэба было мне ўсяго гэтага гаварыць.

    --Нічога! Што сказана, тое сказана. – Вікторыя гаварыла ўсхвалявана, блытана, цвёрда, – Вось ты кажаш, што Рыгор пашкадаваў мяне. Так! Але ж ніхто яго не прасіў рабіць гэта? Ніхто!

    --А што, трэба было прасіць! Што, шкадаваць чалавека можна толькі па яго асабістай заяве? Так проста нельга!

    --Але ж я яго не прасіла аб гэтым. Ад яго ніхто не партрабаваў ніякіх ахвяраў! Так што я ніякіх не прымаю прэтэнзіяў на гэты конт.Ні ад каго!

    --Не, Вікторыя.—ніяк не хацела адступаць ад свайго я.—Справа тут ў іншым.Няма чаго спрачацца.Ты яму проста не можаш прабачыць яго самаахвяравання, бо яно не  прынесла табе ніякіх выгод.І больш таго не прынесла табе багацця на якое ты так спадзявалася.

     --Не гавары глупства! Ты ніяк не можаш зразумець мяне. Хіба ж я павінна яму што- небудзь? І за што? Ці не глупства лічыць, што за нейкі добры ўчынак трэба неяк разлічвацца і нечым плацшіць.

     --Можа ён  і лічыў так калі-небудзь! Але ж цяпер,так ўжо не можа лічыць. І хаця не ўсё у жыцці можна ацаніць грашыма, ты як сапраўдная гандлярка наўрад ці з гэтым пагадзішся. Але за дабро можна адплаціць толькі адным: дабром і больш нічым іншым. Ці не так?

     --Цябе, Алена, здаецца зноў паняло! Што ты ўсё судзіш! Што ўсё даводзіш, даказваеш! Адвакат-зашчытнік!

     --Вікторыя, усё гэта не глупства! Проста не разумею, як можна быць такой вечна незадаволеннай  і  чэрствай? Ты ж аднаго разу ўжо ледзьве не забіла  Рыгора сваёй абыкавасцю.  Ці ведаеш ты гэта? 

     --Што такое?

     --І гэтага не ведаеш? Не можа быць! Хто  з нас яго жонка? Ты ці я? -- я дзівілася таму, што Вікторыя не ведае гэткіх значных фактаў са свайго жыцця і якія  ўжо каторы год не даюць мне спакою. Хаця можа яна толькі рабіла выгляд таму, што  не хацелася абмяркоўваць гэткія даволі інтымныя падрабязнасці.Напэўна, жанчына, якая ніколькі не кахае свайго мужа і не можа  быць іншай, для яе ж кожная хвіліна побач з мужам як  цяжкае пакута. Я і сама часам адчуваю нешта падобнае. Але ж размова не пра мяне.—Тут і расказваць няма чаго!  Адразу ж пасля вяселля вы з’ехалі з інтэрната. Знялі  ў горадзе пакойчык і падаліся на адпачынак да мора. А праз месяц Рыгор быў ужо ў бальніцы. Ён спрабаваў атруціцца. Гэта толькі табе здалося, што ў яго гастрыт, бо ён з’еў нешта нядобрае. А на самой  справе ён выпіў нейкую атруту... Ты павінна памятаць той самы ранак, калі ён збіраўся на працу і не змог нават нацягнуць штаны, паваліўся ў калідоры. А потым яго ірвала ў туалеце крывёй...Ты ўсё сваё жыццё займалася пошукам сапраднага кахання. Усё ніяк не магла супакоіцца. А жыццё ж сапраўднае ішло зусім побач...

    --Што! Што ты такое нясеш? -- усклікнула Вікторыя, яе вочы зрабіліся вялікімі і вільготнымі. Яе, напэўна, уразіла тое, што я ведаю нешта такое з яе жыцця пра што сама яна ніколі не здагадвалася. 

     --Вось пражыла ты разам з Рыгорам амаль трынаццаць гадоў, а здаецца,  што не пражыла а праспала. І невядома  каго кахала, невядома ад каго дзяцей нарадзіла... А ён  жа пасля  таго  выпадку зрок губляць пачаў.  Ты ж  магла яшчэ тады ўдавой застацца. З зусім яшчэ малым дзіцём.  Ці разумееш ты гэта?                                                                                            -    --Скажаш! --не хацела верыць маім славам Вікторыя, ці толькі рабіла выгляд, знешне яна па-ранейшаму  заставалася непрыступнай, пыхлівай і стоенай. Мне падумалася, што выглядаю я зараз хутчэй за ўсё, як тая шкадлівая дзяўчынка, што разварушыла мурашнік, тады ў далёкім дзяцінстве.  Вікторыя на ўсе мае сенсацыйныя паведамленні рэагавала даволі стымана, я гэтак бы не змагла трымацца. Магчыма яна ўспрымала маю балбатню, як самыя звычайныя плёткі, рэагаваць на якія паважнай сур’ёзнай жанчыне проста неразумна. Мне  падумалася,што  Рыгор напэўна  ажаніўся на Вікторыі толькі таму, што яна была з тых самых занудлівых жанчын, з якімі хлопцы кладуцца не таму, што яна  яму  падабалася, а таму што  для яго лягчэй было  легці з ёй у ложак, чым растлумачыць, чаму ён не хоча з ёй кантактаваць і сустракацца.

 

     Час ляцеў непрыкметна. Я  не заўважала гэтага, уяўленне часу страціла для мяне значэнне. Але ж толькі  аднаго міжвольнага погляду на гадзіннік было дастаткова каб вярнуцца да рэчаіснасці і зразумець, што трэба закругляцца. Размова зацягнулася. Мне стала крыху не па сабе, бо я нагаварыла залішняга. Не трэба было валіць ўсё ў адну кучу. Хаця можа нешта і трэба было сказаць Вікторыі, каб збіць яе надменную пыхлівасць і фанабэрыстасць. Цікава, як бы я сябе паводзіла са знаёмай, якая б набалбатала столькі гэткага, як я Вікторыі?

Я паднялася з-за стала і пачала дзякаваць гаспадыню за пачастункі і збірацца дамоў. Вікторыя таксама замітусілася і выйшла за мной ў калідор, каб правесці мяне.  Праходзячы каля вялікага насценнага люстэрка яна міжвольна кінула позірк на сваё адлюстраванне, механічным рухам пацягнулася да сваёй сумачкі, што ляжала побач на тумбачцы, дастала з яе пудраніцу і памаду. Прыпудрыла твар. Падмалявала губы.

Мне было цікава назіраць за Вікторыяй з боку. Ні ценю хвалявання, ні ценю роспачы не было на яе твары. Толькі абыякаваць, стома і  сум. Усё ж такі і зараз праз столькі гадоў, Вікторыя засталася для мяне незразумелай, недасягальнай і старэйшай. Заставалася жанчынай, якая ведае пра жыццё крыху больш за мне і нешта такое, чаго  мне не даў Бог для разумення. Маё разуменне шчасця было для яе дробным і не вельмі значным. І  я  не змагла стрымацца, каб не ўкалоць яе яшчэ раз на развітанне.

 

     --А ты і  цяпер яшчэ носіш ў касметычцы фотакартку свайго палюбоўніка Пятра? Так?…

 Я хутка выйшла  з кватэры і ўжо толькі на леснічнай пляцоўкі ў думках адзначыла, што здаецца, нагаварыла  многа лішняга. Мне чамусьці ўспомнілася кітайская  прыказка: толькі чужымі вачыма можна ўбачыць свае недахопы. Жорстка. Толькі ж ці ёсць  жанчыны, якія ўмеюць  бачыць сябе збоку? Вачыма іншай жанчыны, саперніцы. І ці  ёсць жанчыны здольныя шанаваць тое  маленькае шчасце, якое ёсць у іх жыцці. Можа некаторыя  з іх проста не хочуць такога маленькага шчасця? Не хочуць верыць у тое, што гэта і ёсць іхняе спраўднае шчасце. Ці  не  выглядаю і я ў чужых вачах гэтак жа, як  Вікторыя, жанчынай, што бясконца, шукае сябе, сваё  шчасце і сапраўднае  каханне? Пытанні, пытанні...

 У маёй душы пачынае  нараджацца адчуванне нечага вельмі важнага і можа нават самага галоўнага для мяне, што я неяк нечакана  зразумела. Мне падумалася, што наша жыццё нечым вельмі нагадвае гульню ў падкіднога, ў якой той, хто прайграе застаецца дурнем... Проста, але напэўна справядліва. Не ўмееш гуляць, не спадзяваешся ні на ўдачу, ні на хітрасць – не бярыся. Сядзі з боку і назірай. Зайздросці. Такія правілы, іншых ніхто да сённяшняга дня не змог прыдумаць.     

Нічога сабе, пагаварылі! ” – сумна ўздыхнула я – і гэтая нечаканая сустрэча здалася мне самай звычайнай дурной недарэчнасцю. І мне стала ясна, што ў гасцях у Вікторыі я была ў першы і апошні раз. – “ Ды не, не проста пагаварылі – нагаварыліся. Можа на ўсё астатнае жыццё  нагаварыліся…”

 

 

На галоўную старонку

 

Hosted by uCoz