На галоўную старонку

 

 

ПАЦАЛУНАК МРОІ

 

(апавяданне)

 

      У невялікім утульным кафэ, якое мясцілася ў старым будынку побач з кінатэатрам сучаснай архітэктуры, я замовіў кубачак чорнай кавы і сеў за столік ля акна. Пасля ночы ў перапоўненым вагоне мясцовага цягніка я адчуваў сябе разбітым. Зараз, вядома, лепш за ўсё было б паспаць, аднак гасцінічны нумар на дванаццаць ложкаў, у які мяне пасялілі, нагадваў казарму. А які ў казарме можа быць сон днём? Ды дробным служачым выбіраць гасцініцы і пакоі ў іх не прыходзіцца. Вось і мушу валэндацца па горадзе.

       У кафэ было амаль пуста. Я памешваў у кубачку лыжачкай гарачае пітво і з асалодай удыхаў прыемны гаркаваты пах кавы. І тут мне ўспомніўся дзіўны і незразумелы сон, які прысніўся сёння пад самы ранак у душным вагоне, калі я задрамаў, можа ўсяго на нейкае імгненне. Звычайна я не магу спаць седзячы, а вось, здаецца, заснуў і нават нешта прымроіў. А можа, гэта быў і не сон. Задумаўся ў дрымоце пра тое, пра што часцяком марылася, фантазіравалася, і вось на табе, з’явілася, быццам наяве.

      Прывідзілася мне маладая прыгожая жанчына. Яна стаяла побач. Блізка-блізка. І чароўна глядзела мне ў вочы. А потым нечакана абхапіла маю шыю рукамі, прыціснулася да мяне і пацалавала салодкім доўгім пацалункам. Я пачаў задыхацца, нібы рыба, якую выкінула на бераг моцная хваля. Усё наўкола загойдалася, закружылася. Я ўсё роўна як захмялеў.

      Мне, трыццацігадоваму халасцяку, невысокаму і лысаватаму, такое сапраўды магло хіба прысніцца. Бо сам я нават дакрануцца да такой прыгажуні не асмеліўся б. Мне нават марыць пра гэта было страшна. Мае мары заўсёды абмяжоўваліся рамкамі маіх уласных магчымасцей.

      Паколькі насупраць кафэ быў кінатэатр, то за акном бясконца віраваў натоўп. Я з зайздрасцю прыкмячаў, як сустракаюцца маладыя, як не саромеюцца пацалавацца на людзях. Я ж у свае трыццаць усё яшчэ, як мовяць, шукаў па свеце дзяўчыну сваёй мары. Неяк так складавалася, што паўсёдзённыя турботы і бытавая неўладкаванасць паўставалі неадольнымі перашкодамі на шляху да маіх сямейных планаў. Жыў я ў інтэрнаце, які даўно ўжо стаў напалову маласяменым домам, і назіраў тых шчасліўчыкаў, што стварылі тут сем’і. Я ім шчыра спачуваў і казаў сабе, што я разумнейшы за іх, бо не пішчаць у мяне пад бокам немаўляты, не закрываюць святло ў маім акне мокрыя сцягі-пялёнкі. Я быў вольны, як вецер. І на людзях ганарыўся гэтым. Але, калі па шчырасці, мне таксама хацелася кахаць і быць каханым – хіба ж я горшы за іншых? Ды нешта не атрымоўвалася. Ці то я баяўся дзяўчат, ці то яны мяне пазбягалі.

      Ад гэтых думак мне раптам стала непрыемна, здалося, што я не столькі аналізаваў сваё халасцяцкае становішча, колькі проста шкадаваў сябе. А гэта не па-мужчынску. І раптам маю ўвагу прыцягнула бландзінка ў чорнай кофтачцы і чорнай міні-спадніцы, доўгавалосая, з цёмна-сінімі вачамі. Яна была кідка, але не сказаць, каб вульгарна, размаляваная. Касметыка ўдала пасавала да яе аблічча. Жанчына сядзела за суседнім столікам і ляніва смактала такую ж, як і ў мяне, чорную каву. Выглядала гэта вельмі прыгожа і нават у нечым эратычна. Вусны яе толькі злёгку датыкаліся да яе кубка і выцягваліся так, што здавалася, быццам прыгажуня не п’е, а толькі ўсяго цалуе кубак – доўга, салодка і смачна. Зачараваны, я не мог адарваць вачэй ад бландзінкі. А яна ні на што і ні на каго не звяртала ўвагі, неспешна цешылася кавай і пазірала ў акно. Быццам кагосці чакала. Я ж забыўся на ўсё на свеце. Гэта прыгожая жанчына ўразіла мяне ў самае сэрца, зблытала мае думкі – і стала той адзінай істотнай значнасцю, якая ўспрымалася маёй свядомасцю.

     Бландзінка нарэшце адсунула кубак, дастала з невялічкай сумачкі люстэрка, паглядзелася ў яго, паправіла чырвоную стужку, што сцягвала доўгія валасы, і падмалявала памадай без таго яркія вусны. Пакруціўшы перад сабой люстэрка і, відаць, задаловіўшыся наведзеным марафетам, яна паднялася і пайшла з кафэ. Я міжволі адзначыў, што яна цыбатая і даволі статная.

     Хуценька праглынуўшы сваю ўжо зусім халодную каву, я куляй выскачыў следам за ёю. Можа, усяго на імгненне пазней, аднак прыгажуні ўжо не ўбачыў. Яна знікла, растварылася ў вулічным натоўпу, бясследна прапала. Я, вядома, і ў думках не дапускаў, што падыду да такой жанчыны, загавару з ёй. Проста мне хапіла б хаця здалёк глянуць на яе чароўны твар і статную паставу.

     Мой настрой, і без таго мінорны, зусім сапсаваўся. Можа, меў бы я які занятак зараз або прытулак, неўзабаве забыўся б на красуню. Ды быў на той момант бяздомным. І, каб неяк прабавіць час, вырашыў завітаць у кінатэатр. Калі фільм будзе не вельмі, то хаця б падрамлю.    

     Людзей у чарзе па білеты было нямнога, і я ўзяў на бліжэйшы сеанс. Мне было ўсё роўна, што глядзець, абы толькі ўпасці на крэсла ў якім-небудзь ціхім кутку. Мне далі месца ў апошнім радзе. 

     Сеўшы, аднак, пачаў марыць: а што, калі тая незнаёмка таксама прыйдзе ў кіно і ...

Вось было б дзіва – сядзе побач. А што? Хіба мала здараецца цудаў на свеце!

     Святло згасла, і на экране пабеглі цітры хронікі. Я ўглядваўся ў іх і ніяк не мог зразумець, пра што паказваюць кіношнікі-дакументалісты. А можа, нічога там цікавага і не было ... І раптам я ўбачыў, што нехта, спазніўшыся, прабіраецца на мой апошні рад. Яшчэ адзін небога, падобны на мяне? Што ж, хай садзіцца, мне месца не шкада. Я нават не павярнуў галавы, калі новы глядач сеў побач. Аднак дзіва... Да мяне данёсся пах дарагой парфумы, той самай якой карысталася прыгажуня з кафэ. Я скасіў вочы на суседку і занямеў. Побач была яна! Маё сэрца гучна закалацілася. Вось дык жарт выдаў яго вялікасць выпадак! Адно занепакоіла: чаму незнаёмка села побач, калі зала была напаўпустая?

     На экране нешта, мабыць, адбывалася, напэўна хроніку ўжо змяніў мастацкі фільм, але ўсё гэта праходзіла неяк паўз мяне. Усведамленне таго, што каля мяне маладая прыгожая жангчына, якая, думалася, не выпадкова апынулася ў кінатэатры, не давала спакою.

      І тут зусім нечакана я пачуў ля самага вуха ціхі шэпт:

-         Чаго гэта вы калоціцеся?

-         Хто? Я? – сілячыся суняць дрыжыкі, перапытаў я.

-      Ды не хвалюйцеся вы так! Разумею, усё гэта для вас нечакана, але ж ... Прызнайцеся, вы ж хацелі гэтага, га?

      Я толькі аблізаў засмаглыя вусны і ўздыхнуў – жанчына ці не была знахаркай, бо як у ваду глядзела.

-         Чаму маўчыце?

-         Ды я... Ды мне ...

-         Дарагі Мікалай Пятровіч, супакойцеся!

-     Хто? – У мяне сэрца ледзьве не абарвалася. Я міжволі выціснуў: - Адкуль вы ведаеце маё імя?

      Яна ціхенька засмяялася:

-      Я, можна мовіць, ваша мроя. Дакучлівая. Жаданая. Эфемерная. Недасягальная. Як жа мне ды вас не ведаць?

-         Не! Не жартуйце! Праўда!

     Суседка зноў засмяялася. І я ёй паверыў. У маёй галаве ўзнік рой самых незвычайных фантазій. Я не мог адарваць вачэй ад яе прыгожага твару. Жанчына перахапіла мой позірк, бліснула вачамі і ўсміхнулася. Ласкава. Цёпла. Сардэчна. Потым знайшла маю руку, і мяккае, пяшчотнае цяпло яе далоні адразу ж супакоіла мяне. Я, як мне здалося, пачаў расплывацца, растварацца ў прасторы, рабіцца бязважкім, знікаць...

      Прыгажуня адкрыла сумачку і нешта дастала з яе. Усё навокал пачало напаўняцца нейкім незразумелым, незямным водарам, у якога быў сладкаваты мядовы прысмак і дзіўная чароўнасць неверагоднага сну.

      Гэта працягвалася доўга і адно імгненне. Мне здалося, што тым часам і кіно скончылася, а мы ўсё сядзлі, і суседка трымала маю руку. Калі зала апусцела, падняліся і мы. Напэўна, мы выглядалі закаханай парай. Адно мяне бянтэжыла – кавалер у прыгажуні, ці, дакладней, я, быў нізкарослы, можа, на галаву ніжэйшы за яе. Але хіба гэта мела для нас значэнне? Я разумеў, што павінен нешта гаварыць, так сказаць, развіваць дасягнутае, зачароўваць сваю спадарожніцу, ды ўсе мае думкі разляталіся нібы лёгкія пушынкі. Шчыра кажучы, я быў разгублены, нават напужаны. Не кожны ж день чалавеку выпадае сустракацца са сваёй мрояй!

          Мы, здаецца, апынуліся на на пустынная вуліцы. Я падумаў, што вось і ўсё, скончылася маё раптоўнае шчасце, настала пара развітання. Я памыліўся зноў. Незнаёмка пяшчотна спытала:  

-         Мікола, ты ж хочаш пабыць са мной яшчэ, ці не так?

      Я нічога не адказаў. Пытанне падалося мне недарэчным. Ці ж не ведала яна пра мае пачуцці! Магла, нарэшце, проста паглядзець на мяне, каб зразумець мой стан. Я ж не ішоў па зямля, а нібы плыў над ёю. Я быў не я... Праўда, салодкае зачараванне, якое агарнула мяне, на вуліцы пачало адпускаць. Нечакана простыя пытанні заскакалі ў галаве. Хто яна на самой справе – здань, прывід, насланнё? А можа, навогул махлярка? Або, крый Божа, жанчына несур’ёзных паводзінаў? Той самы начны матылёк, які харчуецца выключна канвертаванай валючай?..

      Мне рабілася нядобра ад гэтых пытанняў. Калючы камяк раптам падкаціўся пад самае горла. У роце стала суха. Але жанчына не выпускала маю руку, і гэтыя пытанні неяк затухалі і пачынала яшчэ мацней кружыцца галава – кожны яе поціск быў як добры глыток моцнага віна. Я хмялеў ад адчування блізкасці такой незвычайнай прыгажуні. Гэта выдавала неверагодным сном, бо жанчына ўся проста свяцілася, разлівала вакол сябе свежасць, хараство і таямнічнасць. Ці не таму, што кожная жанчына, напэўна, толькі тады адчувае сябе па-сапраўднаму жанчынай, калі бачыць, што для кагосці яна багіня?

-         Куды пойдзем, Мікола? – нарушыла маўчанне мая спадарожніца.

-         Як куды? – пытанне нібы апускала мяне з аблокаў на зямлю.

-    Ты дзе спыніўся?

-    У гасцініцы, - адказаў я і спешна пачаў тлумачыць:  -   Але нумар такі дрэнны,

што нават цяжка сабе ўявіць. На дванаццаць чалавек. Казарма. Нават адпачыць  немагчыма...

-         Так, - перабіла мае тлумачэнні прыгажуня.

     А я жахнуўся ад нечаканай і спакуслівай думкі: няўжо яна хацела пайсці са мной ў гасцініцу? Няўжо?

     Ды дзе там! Бландзінка хітра ўсміхнулася, паківала галавой, быццам у адказ на мае думкі, і дадала:

-         Самы час падсілкавацца. Давай зойдзем у якую карчму.

     Я разгубіўся – так гэта было далёка ад маіх летуценняў, і пытанне вырвалася міжволі:

          -   Куды?.. – Я нават пачаў азірацца навокал, думаючы, ці не шугануць у які-небудзь цёмны завулак. Раптам гэта вытанчаная красуня прапануе модны рэстаран, а я ж звыайны, як цяпер мовяць, клерк і вышэй рабочых сталовак не ўзнімаўся. Аднак быў дзень, у бліжэйшых завулках ярка свяціла сонца.

          -   Мікола! – папракнула мая спадарожніца (няйначай чытала думкі), і яе вусны пакрывіліся ні то ва ўсмешцы, ні то ў знявазе, - Няўжо ты павядзеш мяне ў забягалаўку?

       Мяне ажно перекасіла ад такога нахабства. Яна што, не ведае, якія ў радавых грамадзян камандзіровачныя? Дудкі! Я яшчэ не згубіў галавы, абыйдзецца і захудалым кафэ, накшталт таго, у якім мы сустрэліся.

-         Мікола! – паўтарыла жанчына і паківала сваёй пышнай прычоскай.

     От табе і маеш. Круці не круці, а мусіш. Ну добра, схаджу з ёю ў наш гасцінічны “Космас”, шыкану. А за якія шышы потым буду жыць і за што куплю білет дадому? Вось табе задачка з самай вышэйшай алгебры, шаноўны спадар Мікола Пятровіч. Што б там ні казалі, джэнтэльменам або проста мужчынам, маючы ў кішэні зайчыкаў-вавёрачак, быць у наш час цяжка. Аднак не пазорыцца ж! Ці не так?

          - Смялей, мой рыцар, - какетліва павяла плечыкамі прыгажуня. – Вунь стаянка таксі.  

     “Трасцы табе, а не карэту з шашачкамі”, - у думках узлаваўся я, але ўслых пакорліва мовіў: - Ёсць тут недалёка ўтульны і ціхі куток, назва такая рамантычная, сучасная. Рушым?

     Вось ужо каторы год я спрабую разабрацца ў той памятальнай прыгодзе і натыкаюся быццам на сцяну. Размыліся, сцерліся, забыліся падрабязнасці, засталося толькі ўражанне, падобнае на сон з трызненнем. І цяпер часам нават думаю: а ці было тое?

     Мы пабылі ў рэстаране. Здаецца, частаваліся дэлікатэсамі, пілі віно, гаманілі, смяяліся. Я помніцца, быў у гуморы. Красамоўны і шчаслівы, як ніколі дагэтуль, ды і пасля. Час ляцеў бы на крылах, і калі афіцыянт падышоў па разлік, я адчуваў сябе і мужчынам, і джэнтэльмэнам адначасова. Выграб з кішэні амаль усе грошы, нават пра чаявыя не забыўся.

      Прыгажуня адарыла мяне сонечнай удзячнай усмешкай:

     - Мікола, сёння ты такі незвычайны! Аказваецца, і ты можаш быць чалавекам, і не занудай.

     - Не зразумеў,  - буркнуў я, зняважаны “занудай”, хаця мушу сказаць што ў гэтым эпітэту доля ісціны была.

      - Ты сёння цудоўны! Неверпагодны! Фантастычны!

     Гэта крыху прымірыла мяне з папярэднім вызначэннем. Мы выйшлі на вуліцу. Дзень хіліўся да вечара. Летняя спякота пачала спадаць. Я намагаўся знайсці словы, каб сказаць нешта дасціпнае, прапанаваць нешта слушнае, адцягнуўшы тым самым непазбежнае расстанне. Ды, мабыць, вычхаўся.

     І зноў прыгажуня быццам прачытала, што ў мяне на душы. Яна пяшчотна падхапіла мяне пад руку і павяла ў сквер. Калі мы апынуліся ў цяні магутных таполяў, яна раптам прыпала ка мне ўсім целам, нібы хацела зліцца са мной у адно. Абхапіўшы маю шыю рукамі, моцна-моцна пацалавала. Гарчы пацалунак апёк мае вусны. Я адчуў цеплыню яе дыхання. Палымянага, усхваляванага. І нейкага такога яшчэ, якога ніколі ў жыцці не даводзілася зведаць, але якога ўвесь час падсвядома хацелася. І ў гэты самы момант мая прыгажуня прашаптала:

     - Мне пара...

      Хваля адчаю і жаласлівасці да сябе накацілі на мяне. І шкадаваў, што я такі, як ёсць, а не іншы, нейкі лепшы, мацнейшы духам, удачлівейшы. Бо нават з жанчынай сваёй мары мне так цяжка, не магу знайсці з ёю паразумення.

     А прыгажуня рэзка адхінулася ад мяне, адступіла на крок, дастала з сумачкі насовачку, выцерла з маіх вуснаў памаду, паглядзелася ў люстэрка, падфарбавалася, і тады ў яе руцэ з’явіўся невялічкі, падобны на запальнічку балончык. У паветры зноў патыхнула знаёмым мне незямным водарам – густым, п’янкім, салодкім.

     - Шчасліва, Мікола! – пачулася аднекуль здалёк, быццам з-за тоўстага шкла. – Успамінай мяне і памятай, што табе проста нельга заставацца такім, якім ты быў да сустрэчы са мной! Ты павінен быць іншым! Абяцаеш?

      Я нешта прамармытаў у адказ. Я разумеў, што гэта расстанне, але змяніць што-небудзь не мог... 

 

Акно. №9 1998г.

 

 

 

Наступнае апавяданне

 

Абмеркаваць апавяданне

 

Hosted by uCoz